ПАРУ́ШАНЫЯ ЗЕ́МЛІ,

землі, якія страцілі гасп. каштоўнасць ці з’яўляюцца крыніцай адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў сувязі з парушэннем глебавага і расліннага покрыва, гідралагічнага рэжыму і ўтварэннем тэхнагеннага рэльефу.

Да П.з. адносяцца кар’еры мінер. сыравіны, дэфармаваная паверхня зямлі, якая ўтварылася ў выніку здабычы карысных выкапняў, пародныя адвалы, забруджаныя прамысл. прадпрыемствамі землі, кавальеры ўздоўж каналаў і калектараў і інш. На Беларусі агульная пл. П.з. складае 46,6 тыс. га, з якіх 29,9 тыс. га — выпрацаваныя тарфяныя радовішчы. Узнаўленне іх гасп. вартасці дасягаецца метадамі тэхн. і біял. рэкультывацыі зямель з далейшым мэтанакіраваным фарміраваннем глебавага покрыва і інш. ландшафтных кампанентаў. Гл. таксама Ахова зямель.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)